1 снежня 2023 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ніны Аляксееўны Гурскай (1933–2022), бібліятэкара, бібліёграфа, краязнаўца
Ніна Аляксееўна Гурская нарадзілася 1 снежня 1933 г. у в. Блювінічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У дзяцінстве трапіла пад нямецка-фашыскую акупацыю (1941–1944). Марыла вывучыцца на агранома, але паступіць у сельгасакадэмію не склалася. Закончыла аднагадовыя бібліятэчныя курсы пры Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага (1952), атэставана як бібліятэкар трэцяга разраду.
У 1953–1967 гг. — бібліятэкар Тамашоўскай сельскай бібліятэкі Брэсцкага раёна, бібліятэкар клуба вайсковай часткі 2187. З 1967 г. — у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Спачатку — бібліятэкар чытальнай залы, бібліёграф даведачна-бібліяграфічнага аддзела, у 1971–1974 гг. — галоўны бібліятэкар даведачна-бібліяграфічнага аддзела. У 1964–1969 гг. завочна навучалася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства і бібліяграфія».